«Белазаўскі акорд» – першая прыступка да поспеху
Гран-пры дваццатага рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў «Белазаўскі акорд», што праходзіў 21 і 22 кастрычніка ў Палацы культуры БЕЛАЗа, атрымаў Аляксандр Журовіч з Драгічынскага раёна падчас гала-канцэрта, які стаў фінальным акордам музычнага свята. Дыпломам першай ступені ўзнагароджана Вераніка Высоцкая з Калінкавіч, другой – Алеся Савіцкая з Мінска, трэцяй – Алеся Адамчык са Слоніма.

«Для мяне вялікі гонар выступаць на гэтай легендарнай сцэне, – сказаў пераможца адразу пасля ўзнагароджання. – Дзякуй усім, хто спрычыніўся да бездакорнай арганізацыі конкурсу, дзякуй яго ўдзельнікам, якія спрыяюць таму, што жыве песня, жыве слова – трапяткое і цёплае».
Сёлета на конкурс было пададзена 40 заявок ад маладых вакалістаў, але ў фінал прайшлі толькі 16 – годныя, таленавітыя, галасістыя, адметныя ў сваёй творчасці, нягледзячы на малады ўзрост. Зноў слухалі мы і расійскіх выканаўцаў, якія, да іх гонару, добра спявалі па-беларуску, а Дзмітрый Ліхачоў з Вялікай Пышмы трапна выбраў «драздоўскую» «Хату бацькоў», што стала ўжо своеасаблівым гімнам, каторы ведае і падпявае, бадай, кожны.
Конкурс прайшоў на высокім узроўні – вакальным, арганізацыйным, стаў, як і заўсёды, падарункам для слухачоў і важкай прыступкай ў кар’еры маладых выканаўцаў. Пра гэта сказала Алена Атрашкевіч – кампазітар, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, якая сёлета ўзначальвала журы: «Сёння на сцэну выходзілі ўладальнікі Гран-пры конкурсу розных гадоў і падкрэслівалі, што гэты конкурс быў для іх тым першым, дзе іх заўважылі, іх стартавай прыступкай. Гэта важна для моладзі – атрымаць высокую ўзнагароду і крылы, якія дапамогуць ляцець. Няхай вашыя крылы не апускаюцца, таму што тыя, хто іх апускае, у гэтую прафесію не ідуць».
Два выканаўцы прадстаўлялі на конкурсе Жодзіна – добра вядомая слухачу Карына Ромыш, якая другі раз прымала ў ім удзел, і кіроўца аўтамабіля транспартнага цэха БЕЛАЗа Сяргей Галваноўскі, каторага таксама ўжо палюбіла публіка. Як вынік – у Сяргея прыз глядачоў сімпатый, а Карына ўзнагароджана спецыяльным прызам «За выразнае выкананне славянскай песні» разам з барысаўскай маладой спявачкай Таццянай Сыцік. Яшчэ двух выканаўцаў журы адзначыла спецпрызам «За выразнае выкананне песні беларускага кампазітара» – Святлану Хартановіч з Мінска і Андрэя Ката з Оршы.
Што да пераможцу конкурсу, то малады спявак з Драгічынскага раёна зараз з’яўляецца студэнтам 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, прымаў удзел у жодзінскім вакальным спаборніцтве ўпершыню і адразу атрымаў вышэйшую ўзнагароду. Хаця гэта не першы яго поспех на вялікай сцэне – на конкурсе беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2023» ён заняў другое месца.
А пачаў спяваць Аляксандр Журовіч яшчэ ў дзяцінстве, і першае выступленне, якое запомнілася, было ў дзіцячым садку – дуэт з маці, якая спецыяльна для гэтага напісала песню. Талент хлопца – ад Бога і бацькоў-музыкаў, што працуюць выкладчыкамі ў музычнай школе, вынік праца-здольнасці і жадання маладога спевака дабіцца поспеху, дасягнуць вышынь вакальнага прафесійнага майстэрства, быць на СЦЭНЕ і мець свайго слухача. Пранікнёнае выкананне песень «Ты прыйдзі ка мне каханнем» і «Крик птицы» з рэпертуару «Песняроў», адметны вакал адзначылі журы і слухачы ў зале.
«Люблю творчасць Уладзіміра Мулявіна, – кажа Аляксандр, – і таму пры выбары песні на конкурс адразу спыніўся на «Крике птицы», бо яна не можна не кранаць артыста, не кранаць сэрца слухача». А вось што сказала Алена Атрашкевіч: «Запомніце гэтага хлопца, у яго вялікая будучыня, душа, якая адклікаецца на беларускую песню».
…Свята музыкі завяршылася, каб зноў праз год загучала: «Белазаўскі акорд над Жодзіна плыве…»
Іна КАВАЛЬЧУК-ГРЫБ, фота аўтара