Навошта ведаць родную мову?

Нехта з вялікіх людзей сказаў, што чалавек столькі разоў чалавек, колькі моў ён ведае. Беларусу пашанцаваламінімум двойчы ён чалавек, бо ведае рускую і ў рознай ступені валодае беларускай. Шкада толькі, што не дасканала…

У паўсядзённых зносінах беларускай мовай карыстаецца малы працэнт насельніцтва. Згодна з перапісам 2019 года, 61,2 % беларусаў лічаць яе роднай, аднак у побыце размаўляюць па-руску.

На жаль, сёння беларуская мова знаходзіцца сярод тых моў свету, каторым з 2009 года пагражае знікненне. Менавіта з гэтага года ў Беларусі пачалі адзначаць свята роднай мовы разам з усім светам, які 21 лютага святкуе Міжнародны дзень роднай мовы, усталяваны UNESCO ў 2000 годзе.

Чаму трэба ведаць мову свайго народа? Ну напэўна, каб быць нечым асобным у гэтым сусвеце, усведамляць сваю адметнасць, непаўторнасць, не згубіцца ў гэтым вялікім пярэстым свеце. Ну ніхто ж не хоча змяніць сваё прозвішча на прозвішча суседа, бо той больш уплывовы, больш багаты. Прозвішча, прыналежнасць да свойго роду, гонар за яго – тое ж тычыцца і роднай мовы.

Каб вы ведалі, беларуская мова – вельмі багатая. Каб не нагружаць вас філалагічнымі тэрмінамі, правядзем адзін тэст, які толькі ў невялічкай ступені пакажа яе шматграннае багацце. Як вы скажаце: «У нее прекрасный вкус, она всегда хорошо одета» і «Люблю сладкий вкус меда»? «У яе выдатны густ, яна заўсёды добра апранута». «Люблю салодкі смак мёду». Заўважылі, што адно «вкус» у рускай – два ў беларускай? А паспрабуйце перакласці словазлучэнні з рускім словам «открыть» – бутылку, книгу, глаза, дверь, дело. Дык вось: адкаркаваць бутэльку, разгарнуць кнігу, расплюшчыць вочы, адчыніць дзверы, адкрыць справу. Ну і ўжо зусім хрэстаматыйнае: кахаць і любіць. Кахаць – гэта пра глыбокае эмацыянальнае пачуццё да жанчыны, мужчыны, мужа, жонкі. Любіць – усё астатняе: радзіму, бацькоў, дзяцей, футбол і г.д. Здаецца, дробязі, але насамрэч яны паказваюць багацце мовы. Не кажу ўжо пра разнастайнасць вымаўлення, інтанацыі, «у» кароткае, якое ёсць толькі ў беларускай мове, нашыя «дзеканне» і «цеканне» і яшчэ шмат моўных адметнасцяў, аб якіх ведаюць лінгвісты.

Слоўнік літаратурнай беларускай мовы налічвае прыкладна 250 000–500 000 слоў. У дыялектнай мове (гэта агульная назва для гаворак людзей у пэўным рэгіёне) – каля 1,5–2 мільёнаў слоў. Гісторыя яе пісьменства налічвае больш за 10 стагоддзяў.

Паводле UNESCO, беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай.

І яшчэ. Нідзе ў свеце не паўстае пытанняў, навошта ведаць розныя мовы. Па- першае, вывучэнне моў спрыяе развіццю мозга, памяці. Па-другое, гэта магчымасць лягчэй авалодваць іншымі мовамі. Тут, дарэчы, любы лінгвіст вам скажа, што дзеці Беларусі, якія так ці інакш растуць у атмасферы білінгвізма (то бок з дзяцінства чуюць дзве мовы), нашмат лягчэй адаптуюцца да вывучэння іншых моў. Калі вы добра ведаеце беларускую мову, то для вас не будзе амаль ніякай цяжкасці авалодаць польскай, украінскай, славенскай, чэшскай і г.д., нават нямецкай. Так-так! Квіток, цэтлік, мур, цукар, крэйда, цягнік, цыбуля, смалец, дрот, фарба, маляваць, ратаваць і г.д. – у нас з немцамі гэтыя словы гучаць амаль што аднолькава ці ма- юць адзін корань.

Можна яшчэ вельмі шмат казаць аб тым, навошта ведаць родную мову: гэта і адчуваць менталітэт народа, яго нацыянальны характар, ведаць гісторыю, знакамітых беларусаў, прозу і паэзію, а яны ў нас вельмі багатыя. Трэба толькі захацець адкрыць для сябе гэты Сусвет – беларускую мову, адчуць яе смак і водар. Так, кожная мова іх мае, і нашая – зусім не выключэнне.

Чалавек не нараджаецца з генетычна закладзеным валоданнем той ці іншай мовы. Усяму трэба вучыцца, было б толькі жаданне. Так што, як казаў класік, «не пакідайце мовы нашай, каб не ўмёрлі». А класікі, як вядома, рэдка памыляюцца…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *