Да Міжнароднага дня роднай мовы

Беларуская мова адносіцца да групы ўсходнеславянскіх моў разам з рускай і ўкраінскай, і таму, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з апошнімі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, ў (у нескладовае) і апостраф. А яшчэ вялікую колькасць самабытных беларускіх слоў!

Багацце дыялектаў

Для кагосьці будзе адкрыццём, што беларуская мова сапраўды вельмі багатая. Калі ў літаратурнай мове налічваецца каля 250–500 тысяч слоў, то ў дыялектнай (мясцовыя гаворкі) – каля двух мільёнаў. Цікавы той факт, што часам вучоныя фіксіруюць дыялектныя адрозненні не толькі суседніх вёсак, але і нават розныя гаворкі ў адной вёсцы.

Кірыліца, лацініца і арабская вязь

Тры алфавіты мае наша мова. Кірылічны паходзіць ад сярэдневяковай кірыліцы, якая сфарміравалася ў ІХ–ХІ стагоддзях, да нас, на жаль, дайшлі дакументы і летапісы пазнейшага перыяду – пачынаючы з ХІV ст., калі старабеларуская мова стала дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ). У нашыя дні гэта самы распаўсюджаны варыянт алфавіту. Лацінка прышла ў XVI стагоддзі, а актыўна ёй сталі карыстацца беларускія літаратары ў ХІХ ст. Сярод іх – Францiшак Багушэвiч, аўтар прарочага звароту да суайчыннікаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» У ХІV стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачалі асядаць татары, перасяленцы і палонныя з Залатой Арды, якія паступілі на вайсковую службу ВКЛ. Вынікам асіміляцыі стала з’яўленне кітабаў – кніг, напісаных па-беларуску арабскай вяззю.

Трасянка

У выніку шматгадовага суіснавання беларускай і рускай моў з’явілася так званая трасянка. Лічыцца, што гэтая моўная з’ява стала наступствам камунікацыі пераважна беларускамоўнага вясковага насельніцтва з рускамоўным горадам. Тэрмін узнік у 1980-х гадах мінулага стагоддзя, хоць упершыню пра падобную моўную сумесь загаварылі яшчэ ў 1930-х. Слова «трасянка» паходзіць ад назвы нізкаякаснага сена, атрыманага ў выніку змешвання сухой травы са свежаскошанай.

Сімвал адметнасці

Адной з адметных асаблі-васцей беларускай мовы з’яўляецца літара Ў, якая стала своеасаблівым сімвалам мовы. Скульптурным увасабленнем адметнасці нашай мовы з’яўляецца помнік літары Ў у Полацку (2003 год). Ля падножжа скульптуры выбітыя радкі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». Аўтар праекту – мастак і дызайнер Ігар Куржалаў.

Падрыхтавала Святлана БЕЛАБРОВІК

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *