Зіма – час валадарання Зюзі

Галоўным чараўніком у пару святкавання Новага года для нас з’яўляецца Дзед Мароз, апошнім часам узгадваем у святочныя дні і Санта Клаўса. Ці ведае шаноўны чытач, што ў нашых продкаў быў свой бог зімы? «Але бога зімы і холаду Зюзю ведалі толькі на беларускіх землях. Яго імя паходзіла ад слова «зюзець»гэта значыць мерзнуць», – піша ў сваім творы «Зюзя» пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Такім чынам, імя беларускага бога зімы – Зюзя, і ён адзін з самых старых славянскіх багоў, брат Перуна і Чарнабога. «Па-рознаму ўяўлялі людзі Зюзю. Але ўсе сыходзіліся на тым, што гэта стары тоўсты дзед нізкага росту. У яго белыя валасы і доўгая барада. Паназірайце калі-небудзь, як мяккія сняжынкі кружацца ў бясконцым танцы. Гэта Зюзя ціха плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай барадой замятае сцежкі-дарожкі, атуляе снегам дрэвы, насыпае высокія гурбы.

Апрануты Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае ён па свеце з вялізнай жалезнай булавою ў руцэ. Калі нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што несціханы гул да неба даляціць, а пень на дробныя трэсачкі рассыплецца. Тады і пачынаюцца лютыя маразы. Асабліва любіць Зюзя з усёй сілы ўдарыць у сцены хаты. Бярвенне тады пачынае трэскацца з такім гукам, быццам нехта страляе», – распавядае Анатоль Бутэвіч.

У адрозненні ад дабразычлівага і мяккага Дзеда Мароза, Зюзя меў суворы нораў. Звернемся зноў-такі да апавядання: «На рэках і азёрах, на багністых балотах будуе Зюзя масты. Каб праверыць іх надзейнасць, ходзіць пасля па лёдзе, стукае па ім булавою. Стогне тоўсты лёд, але вытрымлівае.

Цэлай зграяй рассыпаюцца па зямлі Зюзевы служкі: завея, мяцеліца ды завіруха. Дзікім завываннем пужаюць яны малых. А вецер дзьме так, што здаецца, быццам гэта чэрці скуголяць».

Звычайна Зюзя жыве ў лесе – тут яго валадарства. Ходзіць ён па лесе, аглядае дрэвы, гуляе ў забаўкі з вавёркамі і зайчыкамі. Бывае, што заглядае Зюзя і ў вёскі, але толькі для таго, каб папярэдзіць сялян аб суворай зіме. Атрымліваецца, што шануе бог зімы добрых людзей, а «каб павесяліць іх, упрыгожвае дрэвы іскрыстым інеем. Калі вецер варушыць галінкі, яркія блёсткі плаваюць у паветры, ззяюць на сонцы каштоўнымі крышталікамі»,– піша Анатоль Бутэвіч.

Але Зюзя мог і раззлавацца – выс­тудзіць хату, адмарозіць нос ці палец… Сяляне ведалі няпросты нораў бога зімы і стараліся яго задобрыць. Асабліва любіць Зюзя куццю. У доўгія святочныя калядыя вечары любіць ён нячутнымі мяккімі крокамі ў сняжынках завірухі заглядаць праз шыбы, шукаючы на сталах сваю любімую страву. У некаторых раёнах нашай краіны дагэтуль захаваўся звычай пакідаць трохі куцці на сподачку, кажучы пры гэтым «Зюзя на дварэ – куцця на стале». Дзе-нідзе кідалі першую лыжку куцці на вуліцу і клікалі служку Зюзі «Хадзі, мароз, куццю есці!».

«Нашы землі прыйшліся Зюзю даспадобы. Ён нават вырашыў пасяліцца на іх і выбраў прыгожы куточак, змайстраваў сабе рэзідэнцыю. Знаходзіцца яна каля вёскі Пруднікі, што ў Пастаўскім раёне. Тут і жыве наш Зюзя Паазерскі», – такі «адрас» згадвае ў сваім апавяданні Анатоль Бутэвіч. А можа ўжо шмат хто з чытачоў ездзіў да бога зімы ў госці?

Зюзя – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускага фальклору. Расійскі Дзед Мароз, амерыканскі Санта Клаўс, французскі Пэр Наэль, італьянскі Баббе Натале… Аб’ядноўвае гэтых міфічных персанажаў час, калі яны валадараць на зямлі, – зіма. Да нас сёлета Зюзя прыйшоў рана, і, здаецца, яго нораў мы яшчэ адчуем.

З Новым годам! З Калядамі! (І не забудзьцеся пра куццю для Зюзі, асабліва калі за акном раптам убачыце нейкі цень…)

Падрыхтавала Іна КАВАЛЬЧУК-ГРЫБ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *