Дзень беларускай кухні: было смачна!
«І так, бывала, наясіся, што хоць на пупіку круціся» – гэтыя радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа ўзгадваюцца пасля таго, як добра пад’еў дранікаў ці бабкі, ды яшчэ з падсмажаным сальцам ды цыбуляй, густой смятанай…
Вось так добра паабедаць заціркай з малаком, салатай «Світанак», салянкай дамашняй, мачанкай з блінамі, бабкай бульбянай са смажаным шпікам і цыбуляй, паджаркай беларускай са свініны, амлетам «Беларускі са шпікам» прапанавалі ў белазаўскіх сталовых 23 лютага. Ад адных толькі гэтых назваў кругам ідзе галава! А калі яшчэ чуеш пах ад іх – хочацца з’есці ўсё!
Такое свята для страўніка, а яшчэ больш для душы, зрабілі для аўтазаводцаў руплівыя работніцы сталовых прадпрыемства, якія, дарэчы, сустракалі наведвальнікаў у прыгожых квяцістых вянках. Па ініцыятыве начальніка ўпраўлення па гандлі БЕЛАЗа Аляксея Верамея было вырашана раз на месяц рабіць на заводзе дні беларускай кухні. Калектыў аб’яднання сталовых з энтузіязмам успрыняў гэтую ідэю – рэцэпты бралі з кулінарных кніг, асобныя стравы дапрацоўвалі самі. Нават меню ў гэты дзень было аздобленае нацыянальным арнаментам.
Правядзенне такіх дзён – гэта добры сродак заахвоціць як мага больш работнікаў завода прыйсці паабедаць у сталовых, магчымасць паварам паказаць свае здольнасці і прыгатаваць новыя для белазаўскага «общепита» стравы і галоўнае – напомніць усім нам, што мы беларусы, што ў нас ёсць багатая на ўсялякія прысмакі нацыянальная кухня, якая не зводзіцца толькі да дранікаў, якія ў вачах іншых, дый і беларусаў таксама, сталі ўжо ледзь не нацыянальным сімвалам.
Так гістарычна склалася, што наша кулінарная спадчына падобная да літоўскай, рускай, польскай. Дарэчы, немцы таксама шмат ядуць той самай бульбы, свініны, кіслай капусты, і дранікі ў іх ёсць, толькі ядуць яны іх з яблычным пюрэ. Таму ёсць вялікая спакуса аддаць сваё спрадвечнае іншым. Як ёсць і спакуса перайсці на тое, што прапануецца сёння ў вялікай колькасці і даступнасці – піцы, кебабы, шаўрмы, сушы і г.д.
Тыя з нас, хто яшчэ бываў на вакацыях у беларускіх вёсках у бабуль і дзядуль, напэўна, успомняць яшчэ і каўбасу, пальцам пханую, якая сохла пад страхой на жэрдцы, і прыгожую, з водбліскам вясёлкі на зрэзе паляндвіцу, і сальцісоны, і вентрабянкі, і крывянку, бабку ў кішках, зацірку, халаднік, падкалочаны квас (накшталт польскага журэка), крупеню з пярлоўкі, лясныя грыбы, тушаныя з салам і цыбуляй, яешню з вялікай колькасцю зялёнай цыбулі, булкі, што пяклі на Пасху, і шмат што іншае, што ў розных мясцінах можа па-рознаму і называцца, але з’яўляецца спрадвечнай ежай беларусаў. Па некаторых крыніцах, у беларускай кулінарыі налічваецца больш за 250 мучных, крупяных страў, вырабаў з гароху і фасолі, бобу, прыкладна 260 малочна-тварожных, больш за 350 сала-мясных і рыбных, вядома 550 страў з бульбы, больш за 480 гароднінных, грыбных і фруктовых страў, напіткаў. Багацце нацыянальнай кухні адлюстравана ў творах беларускіх пісьменнікаў – «Новай зямлі» Якуба Коласа, «Родных дзецях» Ніла Гілевіча, «Дзікім паляванні караля Стаха» і «Каласах пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, «Энеідзе навыварат» Вікенція Равінскага і іншых.
Так што, шаноўныя, памятайма сваё і адчувайма водар і смак роднага. І нацыянальнай кухні таксама. Усё гэта таго вартае. І чакаем наступнага дня беларускай кухні на родным БЕЛАЗе! Гэтым разам было смачна!